Архив новостей - Отдел по образованию Глусского райисполкома
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

19.02.2016

Тыдзень матэматыкі

Матэматыка – навука важная,  выкладаць яе – справа адказная!

 Кожны чалавек пагодзіцца з тым, што матэматыка займае важную ролю ў паўсядзённым жыцці і сустракаецца на кожным кроку: пры ажыццяўленні пакупак у крамах, пры планаванні сямейнага бюджэту, пры будаўніцтве хаты, нават пры прыгатаванні ежы.

 Асновы матэматычных ведаў закладваюцца ў час навучання ў школе, фундамент ведаў, навыкаў, уменняў фарміруецца ў пачатковых класах. Вучэбны прадмет «Матэматыка» у пачатковых класах спрыяе развіццю вобразнага і лагічнага мыслення, закладвае асновы для фарміравання ў вучняў пазнавальнай самастойнасці, паказвае магчымасці прымянення матэматычных ведаў у паўсядзённым жыцці.

 З мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў, для развіцця пазнавальнай і творчай актыўнасці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Глускага раёна праводзіўся раённы прадметна-метадычны тыдзень па матэматыцы сярод вучняў пачатковых класаў.

 Згодна з Палажэннем аб правядзенні прадметна-метадычнага тыдня яго задачы наступныя:  ўдасканаленне прафесійнага майстэрства педагогаў праз падрыхтоўку, арганізацыю і правядзенне адкрытых заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў па матэматыцы;  ўцягванне малодшых школьнікаў у самастойную  творчую дзейнасць, павышэнне іх пазнавальнай цікавасці да матэматыкі; выяўленне навучэнцаў, якія валодаюць творчымі здольнасцямі, імкнуцца да паглыбленага вывучэння матэматыкі; стварэнне святочнай творчай атмасферы.

 Трэба адзначыць, што тыдзень паспяхова прайшоў ва ўсіх дзесяці ўстановах адукацыі раёна. У першы дзень у школах адбылося ўрачыстае адкрыццё тыдня матэматыкі, на якім амаль што да ўсіх дзяцей у госці завітала Каралева (або Царыца) Матэматыка і яе падданыя лічбы і лікі.

 У  ДУА “Сярэдняя школа №1 імя С.І.Грахоўскага г.п.Глуска” на працягу тыдня эфектыўна была арганізавана выхаваўчая работа. У першы дзень вучні  першых класаў разам з бацькамі намалявалі лічбы ў вобразах жывёл, птушак, выканалі аплікацыі з геаметрычных фігур.  Другакласнікі разам з бацькамі зрабілі малюнкі да прыказак, а дзеці з трэціх класаў знайшлі, намалявалі, надрукавалі матэматычныя рэбусы. Па выніках аформілі выставу работ.

  Акрамя таго, дзеці здзейснілі “Падарожжа па краіне матэматыкі”, удзельнічалі ў пасяджэнні Клуба вяселых матэматыкаў, малой матэматычнай алімпіядзе, праводзілі даследчыя работы “Як людзі навучыліся лічыць”, “Матэматыка ў нашым жыцці”.

  У ДУА “Макавіцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” кожны дзень тыдня меў пэўную тэматыку: панядзелак – “Дзень займальнай матэматыкі”; аўторак – “Дзень адкрытых заняткаў па матэматыцы”; серада – “Дзень матэматычных спаборніцтваў”; чацвер  - “Дзень гісторыі матэматыкі”; пятніца – “Дзень матэматычнай мазаікі”. На працягу гэтых дзён у школе адбыўся парад загадак, прайшлі матэматычныя алімпіяды, калектыўныя творчыя справы, матэматычныя гульні. 

 У ДУА “Завалочыцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” праведзена акцыя “Лепшы сшытак па матэматыцы”, урок матэматычных спаборніцтваў, конкурс малюнкаў па тэмах “На што падобная лічба”, “Матэматыка ў казках”, “Матэматыка ў пагаворках”, конкурс “Займальная геаметрыя”. У час “Матэматычнай латарэі” усе навучэнцы пачатковых класаў спаборнічалі ў уменні рашаць займальныя задачы – кожны клас атрымоўваў па 10 задач, адпаведных іх узроўню ведаў. Правільна вырашаная задача – адзін бал класу. Перамагае той клас, які набраў больш балаў.

 Адметным у правядзенні тыдня ў ДУА “Каткаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” з’яўляецца тое, што ў дзень адкрыцця была праведзена спартыўна-матэматычная эстафета “Спорт, матэматыка і я - сябры”. Ва ўсіх конкурсах удзельнікі павінны былі акрамя спартыўнага выканаць матэматычнае заданне.

 А ў ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Глуска” акрамя традыцыйных заняткаў і мерапрыемстваў малодшыя школьнікі наведалі бібліятэку, дзе была арганізавана прэзентацыя “Інтэлектуал” і выстава кніг па матэматычнай тэматыцы.

 Прынцып правядзення тыдня ў ДУА “Заеліцкі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”  заключаўся ў тым, што кожны навучэнец - актыўны ўдзельнік усіх падзей тыдня. Кожны дзень тыдня праходзіў пад розным дэвізам і быў прысвечаны пэўнай тэме, у рамках якой праводзіліся займальныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы. Сваё падарожжа па каралеўству Матэматыкі вучні пачалі са станцыі «Матэматычныя цуды і таямніцы». Навучэнцы разгадвалі рэбусы, шарады, галаваломкі. Усе заданні былі падабраныя з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў, выконваўся прынцып ад простага да складанага. У аўторак удзельнікі тыдня апынуліся на станцыі «Заапарк». Рабятам была прадстаўлена прэзентацыя, з якой яны змаглі даведацца шмат цікавага, пазнавальнага пра падарожніка-адкрывальніка Калумба і яго дачыненне да матэматыкі. На трэці дзень падарожжа (у сераду) дзеці апынуліся на станцыі "Журналісцкае расследаванне». Кожны клас атрымаў заданне правесці расследаванне, дзе можна сустрэць матэматыку ў жыцці. Першакласнікі шукалі матэматыку на дарозе. Дзеці лічылі палоскі ў дарожнай зебры, адрознівалі геаметрычныя фігуры ў дарожных знаках, лічылі колькасць крокаў паміж рознымі аб’ектамі. Навучэнцы другога класа шукалі матэматыку ў краме. Дзеці зразумелі, наколькі  важная матэматыка ў прафесіі прадаўца. На пошце шукалі матэматыку навучэнцы трэцяга класа. Вучні з задавальненнем дапамаглі лічыць газеты, часопісы паштальёну. Кожны змог выкарыстаць свае матэматычныя веды ў рэальнай жыццёвай сітуацыі. Навучэнцы чацвёртага класа праводзілі сваё расследаванне ў школьнай сталовай. Яны дапамаглі кухару лічыць талеркі, лыжкі, колькасць неабходных крэслаў, сурвэтак на кожны стол. Больш за ўсё дзецям спадабалася ўзважвацца на вялікіх вагах. У чацвёрты дзень тыдня вялікая ўвага надавалася пытанню беражлівасці. Інтэлектуальная гульня «Вучымся беражлівасці» дазволіла абагульніць, пашырыць, паглыбіць прыродаахоўныя, эканамічныя, энергазберагальныя веды, атрыманыя вучнямі раней. Вынікі прадметна-метадычнага тыдня былі падведзены ў пятніцу. Дзеці апынуліся ў каралеўстве Матэматыкі, дзе іх сустрэў кароль. Удзельнікі зрабілі справаздачу аб працы над праектам і сабралі цэлую матэматычную кнігу. Праца над праектам актывізавала пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, стала парадам дзіцячай фантазіі і творчасці.

 На працягу тыдня ў кожнай установе адукацыі было наладжана ўзаеманаведванне вучэбных, факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў, якое прадугледжвала супрацоўніцтва, заснаванае на разуменні і павазе да вопыту іншага, узаемным абмене інфармацыяй.

 Аналіз правядзення тыдня матэматыкі сведчыць аб тым, што ён прайшоў на дастойным узроўні і накіраваны на павышэнне матэматычнай граматнасці вучняў і прафесійнага майстэрства настаўнікаў пачатковых класаў.

 

Метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Глускага райвыканкама  

                                             Някрасава Наталля Ульянаўна